БЕЛАРУ́СКАЕ ВО́ЛЬНАЕ ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Віцебску. Існавала ў снеж. 1825 — вер. 1841. Створана памешчыкамі Віцебскай і Магілёўскай губ. з мэтай абагульняць вопыт і павышаць прадукцыйнасць прыгонніцкай працы ва ўмовах развіцця капіталіст. адносін у агр. сектары эканомікі. У яго акрамя памешчыкаў бел. губерняў уваходзіла некалькі чл. Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу разам з рус. эканамістам М.С.Мардвінавым. Прэзідэнтам т-ва лічыўся ген.-губернатар Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ. М.М.Хаванскі. Т-ва імкнулася абагульняць дасягненні с.-г. навукі ў Расіі і за мяжой і выкарыстоўваць іх ва ўмовах Беларусі. У 1820-я г. ў набытым маёнтку Залучоссе (каля Віцебска) была арганізавана ўзорная гаспадарка. У 1841 т-ва выдала ў Пецярбургу 1 нумар час. «Летопись Белорусского общества сельского хозяйства», дзе змешчаны яго статут, артыкулы пра вінакурства на Беларусі, пра спробы безадвальнай апрацоўкі глебы і плуг для гэтай мэты, парады па арашэнні лугоў, лячэнні і засцярозе жывёлы ад паморку і інш.

Літ.:

Труды первого областного съезда сельских хозяев в гор. Двинске в 1903 г. Витебск, 1904;

Воробей Н.В. О Белорусском Вольном экономическом обществе: (Из истории экон. мысли в Белоруссии в первой половине XIX в.) // Сб. науч. работ Белорусского политехнического ин-та. Мн., 1958. Вып. 68.

М.В.Варабей.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)